Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Вядуцца перамовы пра удзел НРМ у Рок Каранацыi

Вядуцца перамовы пра удзел НРМ у Рок Каранацыi

14-я па ліку цырымонія ўзнагароджаньня найлепшых музыкаў краіны сёлета пройдзе пад звыклай назвай. Нягледзячы на леташнія заявы ад брэнду «Рок-Каранацыя» яе арганізатары вырашылі не адмаўляцца. Упершыню ў гісторыі цырымонія адбудзецца ў менскім клюбе «Рэактар». «Гэта найперш канцэрт, таму мы хочам даць магчымасьць слухачам напоўніцу адчуць яго атмасфэру і наблізіць нашую цырымонію да аналягічнай расейскай — RAMP», — заявіў прадусар «Рок-Каранацыі» Павал Кашырын.

Нягледзячы на леташнія заявы пра тое, што цырымонія пройдзе пад такой назвай у апошні раз, яе арганізатары вырашылі захаваць свой брэнд. 14-я па ліку «Рок-Каранацыя» пройдзе 4 сакавіка. Як заяўляюць арганізатары цырымоніі — Юры Цыбін і Павал Кашырын — сёлета цырымонію ўзнагароджання вырашана правесьці ў альтэрнатыўным фармаце — у клюбе, каб слухачы атрымалі магчымасьць патанчыць. Для гэтых мэтаў абраны менскі клуб «Рэактар». Разглядаўся іншы варыянт — правесьці музычную ўрачыстасьць у тэатры опэры і балету, але з гэтай задумы нічога ня выйшла.

Па традыцыі будуць названыя найлепшы альбом году, праект году, песьня году, кліп году, пераможца ў намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць» і ўладальнік Рок-Кароны — галоўны беларускі гурт году. Плянуецца таксама ўвесьці некалькі новых намінацыяў, як «Падзея году», «Вяртаньне году», а таксама некалькі спэцыяльных намінацыяў, сярод якіх «Рок-Князёўна». Акром таго будзе названы пераможца ў намінацыі «Рэп-праект». Летась галоўную рок-карону атрымаў гурт «Ляпіс Трубяцкой», які і цяпер сярод галоўных прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

Свой удзел у цырымоніі пацьвердзілі гурты «Крама», Neuro Dubel, «БЕЗ БИЛЕТА», Naka, «Князь Мышкін», Зьміцер Вайцюшкевіч. Вядуцца перамовы з гуртамі «Ляпіс Трубяцкой», The Toobes, N.R.M.

Квіткі на цырымонію будуць каштаваць ад 40 000 да 100 000 рублёў і паступяць у продаж за месяц да канцэрту.

ТГ, udf.by

Апублікавана 11.01.2010 by  Андрэй.