Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Анемпадыстаў і Вольскі ладзяць чытаньні

Анемпадыстаў і Вольскі ладзяць чытаньні

Cамыя значныя рок-паэты Беларусі канца XX — пачатку ХХІ ст. вырашылі зладзіць сустрэчу са сваімі прыхільнікам, каб абмеркаваць паралельнасьць тэмаў у сваіх тэкстах ды розьніцу ў трактаваньні тых жа падзеяў, вобразаў і паняцьцяў, а таксама пачытаць новыя і старыя творы. «Гэта будзе сустрэча з чытачамі ў клясычным разуменьні такога фармату», — кажа Міхал Анемпадыстаў.

Упершыню аўтар «Народнага альбома» і лідэр N.R.M. правялі сустрэчу ў такім фармаце летась у верасьні — гэта было ў Львове. Вырашылі паўтарыць яе ў Менску, але з розных прычынаў імрэза адкладалася. Урэшце дату прызначылі — 10 сакавіка Міхал і Лявон адкажуць на пытаньні цікаўных, адносна сваёй творчасьці. «Так сталася, што з усіх нашых рок-аўтараў мне найбольш блізкі Лявон, — разважае Міхал Анемпадыстаў. — Да ўсяго ў нашых тэкстах шмат чаго перасякаецца. У мяне быў тэкст „На нашай вуліцы“, у Лявона — „На вуліцы маёй“. Ці ў яго „Менск і Мінск“, а ў мяне — „Схаванае сэрца“. Мы бралі адну і тую ж тэму, але кожны яе інтэрпрэтаваў па-свойму. Пра гэта і пойдзе гаворка».

Героі вечарыны абяцаюць адказаць на ўсе пытаньні, калі тыя ня будуць пераходзіць межы разумнага, а таксама пачытаць свае старыя і новыя творы ды колькі разоў інтэлігентна пажартаваць.

Міхал Анемпадыстаў і Лявон Вольскі. «Безпрабелаў». Менск. Кнігарня «Ў» (пр-т Незалежнасьці, 37А). 19:00.

ТГ, www.udf.by

Апублікавана 10.03.2010 by  Андрэй.