Незалежны Рэспубліканскі Саюз Моладзі › Артыкулы › Прыгоды N.R.M. у Славакіі Прыгоды N.R.M. у СлавакііГурт N.R.M. нядаўна вярнуўся са Славакіі, дзе адыграў канцэрт на плошчы ў цэнтры Братыславы. Акцыя была прымеркаваная да 17-х угодкаў незалежнасьці гэтае краіны. N.R.M. у СлавакііПа-першае, гэта было вельмі далёкае падарожжа – толькі ў адзін бок мы праехалі 1300 кілямэтраў. Прычым, ехалі зусім не па хуткаснай магістралі, а апошнія некалькі соцень кілямэтраў, наогул, - па горных пакручастых дарогах. Зрэшты, там вельмі прыгожыя краявіды, усе глядзелі на горныя рэчкі, мястэчкі, касьцёлы, так што й не заўважылі, як прыехалі. Канцэрт быў добра аргінізаваны, і сцэна, і грымэркі абаграваліся, усё, пачынаючы з саўндчэку, адбывалася сваечасова, адным словам – узровень. Ад Братыславы да Вэны – каля 60-ці кілямэтраў, да Будапэшту – 150. Прага таксама недалёка. Вельмі хацелася ўсё гэта наведаць, але не выпадала. Таму мы папросту пахадзілі па старым горадзе, папілі смачнага чэскага й славацкага піва, пашпацыравалі па беразе Дунаю, паглядзелі ў гатэлі мясцовыя тэлеканалы (дарэчы, славацкая мова, на дзіва, зразумелая для беларусаў!) і мусілі ехаць дадому. Зь непрыемнага – на кожнай мяжы – Беларусі з Польшчай, Польшчы з Чэхіяй і Чэхіі са Славакіяй мы стаялі каля гадзіны. Нават калі не было ніякіх чэргаў. Памежнікі патлумачылі: вы зь Беларусі, таму, даруйце, нам трэба ўсіх перапісаць, занесьці дадзеныя ў кампутар і г.д. Такі цяперашні парадак. З прыемнага – піва ў чэскім супэрмаркэце “Lidl” каштуе на нашыя грошы каля 300 беларускіх рублёў. На адваротным шляху праглядзелі “Остраў” Лунгіна і некалькі дзясяткаў сэрыяў бясконцае эпапэі X-FILES. Калі ўжо мы будзем у Беларусі граць на ўгодках незалежнасьці? Лявон Вольскі, для “Тузіна Гітоў” |
© 2005–2009 НРсМ. Рухавік, падтрымка: Slaver. Дызайн Rohač. |