Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › N.R.M. нарэшце прэзэнтавалі «06» у Менску

N.R.M. нарэшце прэзэнтавалі «06» у Менску

Шматпакутны «06» гурт N.R.M. нарэшце прэзэнтавалі ў Менску. Гэты альбом выйшаў яшчэ ў гэтую вясну, а першая прэзэнтацыя адбылася ў Варшаве. Людзей было нечакана шмат, а музыка чакана гучнай і добрай. Песьні з альбому прыхільнікі гурта ўжо пасьпелі добра вывучыць і ўжо хочуць пачуць далейшыя праграмы «заслужанага калектыва» – «07», «08» і «09»… На першым буйным у гэтым годзе канцэрце N.R.M. у Менску пабывалі карэспандэнты ТГ.

N.R.M.Прэзэнтацыя «06» адбылася ў казіно-рэстаране «Фартуна». Людзей было нечакана шмат, бо канцэрт абсалютна не рэклямаваўся. Музыка ж была чакана гучнай і добрай. Праграму канцэрту музыкі разьмежавалі досыць кардынальна. Начапіўшы значкі свайго фан-клюбу, «энэрэмаўцы» адразу далі агалцелым фанатам пабіць шкляную падлогу клюбу пад новаальбомную праграму (і зазначаючы перад самымі спрэчнымі песьнямі, што «ня ўсё так проста»), сьпелі зь дзіцячым хорам ды сыйшлі на перакур. Каб слухачы не сумавалі, Лявон параіў людзям папіць вадзічкі ці «водачкі».

А вось другая частка выступу N.R.M. была сапраўдным падарункам калі не для ўсіх, то для сталых аматараў творчасьці каманды - дакладна. Калі ўжо хто чуў «Я еду», «Дзед Мароз», то не чакаў пачуць «Дастала» ў новай апрацоўцы. Нават тыя, хто не прыняў новы альбом, атрымалі ад канцэрту свой бальзам на раны. І канечне, магчымасьць паскакаць пад добразнаёмыя «Лёгкія-лёгкія», «Паветраны шар» ды «Тры чарапахі». Але такіх «папулярчыкаў» было зусім няшмат. Вольскі тлумачыць: «Мы вельмі рэдка граем у Беларусі, а калі граем, то гэта нейкія „маласольнікі“, у якія мы спрабуем укласьці ўсе нашыя лепшыя гіты. Таму выступы становяцца падобнымі, таму і вырашылі зайграць тыя песьні, якія ня часта гучаць».

Канцэрт прайшоў, фанаты чакаюць «07», «08» і «09»… Усіх, хто прысутнічаў, заверылі, што празь месяц тут жа можна будзе пачуць новы альбом Neuro Dubel. «А IQ48 будзе?» – тут жа крыкнулі некалькі дзяўчынаў. «Будуць і яны. Усе тут будуць», - паабяцаў вядучы.

Zap, Алена Скарабагатава, «Тузін Гітоў»

Апублікавана 12.10.2007 by  Андрэй.