Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › N.R.M. ужывую на Netradio.by

N.R.M. ужывую на Netradio.by

29 траўня адбудзецца калі не грандыёзная, то прынамсі цікавая падзея ў беларускай музыцы – вялікі акустычны канцэрт гурта N.R.M. Тым, хто зь нейкіх прычынаў ня здолее трапіць на гэтую імпрэзу першая прафэсійная радыёстанцыя байнэту Netradio пры падтрымцы ТГ рыхтуе немалую прыемнасьць – жывую трансляцыю гэтага канцэрту на сваім канале Netradio Live. А ўжо 21 траўня на іншым канале - Netradio Hot цягам цэлай гадзіны з 23:00 будуць гучаць выключна песьні N.R.M.

NETradioВялікі акустычны канцэрт гурта N.R.M. мае адбыцца 29 траўня ў КЗ «Мінск» у 19:00. З гэтага ж часу пачнецца яго жывая трансьляцыя на Netradio.by. «Мы вельмі зацікаўленыя ў трансьляцыі жывых канцэртаў нашых рок-зорак, - тлумачыць кіраўнік гэтага праекту Глеб Марозаў. – Таму зразумела, што не маглі абысьці ўвагаю гэтую цікавую імпрэзу».

Netradio мела трансьляваць 26 траўня і цікавы фольк-фэст «World Music Tree» зь Віцебску. Але адны зь яго ўдзельнікаў – гурт «Троіца» – выступілі супраць он-лайну. «Мы маем ня вельмі станоўчы досьвед падобных трансьляцыяў у Польшчы, таму лічым, што да такой падзеі трэба рыхтавацца адмыслова і грунтоўна», - патлумачылі ТГ сваю адмову ўдзельнікі этна-трыё.

Што да N.R.M., то музыкі з радасьцю пагадзіліся на жывую трансьляцыю з КЗ «Мінск». «Чым болей нас пачуюць, тым лепей», - кажуць музыкі.

Тым часам ужо 21 траўня на канале Netradio Hot цягам гадзіны – з 23:00 да 0:00 – у межах аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна «Беларуская раскладка» будуць гучаць выключна творы гурта Лявона Вольскага – галоўныя гіты, рарытэтныя запісы, іхнія кавэры ды кавэры на іх.

ТГ

Апублікавана 20.05.2008 by  Андрэй.