Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Гурт Мроя падрыхтаваў да перавыдання альбом 28 зорка

Гурт Мроя падрыхтаваў да перавыдання альбом 28 зорка

Альбом “28-я зорка” легендарнага беларускага гурта “Мроя” будзе перавыдадзены на дыску. У продажы ён з’явіцца ўжо ў кастрычніку. Падчас падрыхтоўкі да выдання быў зроблены рэмастэрынг запісу. Разам з тым слухачоў чакае і шэраг прыемных сюрпрызаў.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміў прадзюсер “Беларускай музычнай альтэрнатывы” Віталь Супрановіч, пад лейблам якога і выйдзе дыск.

“Цяпер вядзецца праца над афармленнем. У дыск былі дададзеныя некалькі песень, якія калісьці не трапілі на пласцінку. Таксама на дыску будуць змешчаныя архіўныя відэазапісы гурта”.

На жаль, канцэрта-прэзентацыі не будзе. Але радуе тое, што спыняцца на перавыданні гэтага альбома былыя “мроеўцы” не збіраюцца. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў лідэр гурта Лявон Вольскі.

“Прэзентацыю трэба рабіць, калі будзе маштабнае перавыданне. У нас ёсць усе матэрыялы. Цяпер мы пазнаходзілі рарытэтныя запісы канцэртаў і гэтак далей. Нейкія запісы ў кепскай якасці, таму іх трэба рэстаўраваць. Безумоўна, варта гэтым займацца. Ну, мы будзем зусім дурнямі, калі не будзем перавыдаваць”.

Нагадаем, альбом “28 зорка” быў выдадзены ў 1990-м годзе расійскай фірмай “Мелодыя” на пласцінцы. Праз пэўны час ён выйшаў на касеце. Цяпер дыск пабачыць свет у серыі “Беларускі музычны архіў”, дзе ўжо выйшлі тры альбомы гурта “Уліс” канца 1980-х – пачатку 90-х гадоў.

Апублікавана 12.09.2008 by  Андрэй.