Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Slaver на ТГ: Нашаму фольку не стае інавацыйнасьці

Slaver на ТГ: Нашаму фольку не стае інавацыйнасьці

Slaver — музычны блогер. Мае 21 год, навучаецца на гістарычным факультэце БДУ і працуе ў сфэры інтэрнэт-тэхналёгіяў. Музыкай цікавіцца зь дзяцінства, вырас на кружэлках The Beatles і Queen. З 2002 году вядзе музычны сайт Ultra-Music, які часова на рэканструкцыі. Піша пра музыку ў сваім блогу на LiveJournal. Прызнаны лепшым музычным блогерам на першай прэміі «Жежебай-2007». Адзін зь сябраў журы адборачнага туру фэстывалю «Басовішча-2008».

Амаль з самага пачатку існаваньня гіт-параду «Тузін Гітоў» я ўважліва сачу за гуртамі і песьнямі, якія там удзельнічаюць. Гэта, бадай, адзіная магчымасьць пазнаёміцца з творчасьцю беларускамоўных выканаўцаў (хаця і ня толькі беларускамоўных, як можна ўпэўніцца). На агульным музычным фоне цяперашняга гіт-параду вылучаецца вялікі ўплыў фолькавай музыкі. Зьвярніце ўвагу: 5 выканаўцаў з 12 граюць непасрэдна фольк ці іх песьні маюць этнічную афарбоўку, і нават у песьні-пераможцы ёсьць устаўка з фолькавым сьпевам.

Але ня буду спрабаваць прааналізаваць бягучыя тэндэнцыі праз дванаццацітрэкавы пласт, казаць ці стала наша музыка за апошнія гады горш ці лепш, а проста прайдуся па сьпісу ўдзельнікаў апошняга туру. І пачну ў лепшых традыцыях топаў — з канца. :)

Аляксандар Растопчын — «Пагоня». Мне такая інтэрпрэтацыя «старадаўняй літоўскай Пагоні» нагадала запісы са складанак «Лепшая інструмэнтальная музыка vol. 13» ці «Romantic Collection vol. 69», гукі зь якіх заўсёды льюцца з крамак падземнага пераходу на станцыі мэтро «Плошча Якуба Коласа» на пару з творчасьцю Эніё Марыконэ і Францыска Гоі… Толькі ад Растопчына чакалася чаго-небудзь больш арыгінальнага, ў першую чаргу блюзовага…

Гурт, які ў мінулым сэзоне вельмі гучна ўварваўся гіт-парад зь песьняй «Вуліца дым», Jab Club, на гэты раз не асабліва ўразіў сьлязьлівай песьняй пацана з Малінаўкі. І ня трапіў у наступны тур.

Туды ж ня трапіў Юры Несьцярэнка. Песьню «Неба навокал» таксама не назавеш лепшай у творчасьці бялыніцкага блюзмэну, але ўвогуле музыка Юрыя ўпэўнівае ў тым, што блюз у Беларусі разьвіваецца даволі пасьпяхова.

Гэта ж самае можна сказаць і пра беларускі фольк, што даказваюць «Джамбібум», «Палац» і Наста Някрасава. Праўда, што «Дзеўкі», што «Хай месяц» гучаць даволі банальна. А вось джазавая афарбоўка песьні «Вялікі дзень» безумоўна дадае шарм беларускім народным песьням. Менавіта чагосьці такога інавацыйнага не хапае этнічнай музыцы, якой, можна сказаць, перанасычана беларуская сцэна.

Песьню гурта «Спрат» ужо чуў у адборачным туры да «Басовішча-2007». Як тады мне ня вельмі спадабалася, так і цяпер ня ўразіла. Ня ведаю, чым кіруюцца гурты, якія напрыканцы 2008 году прапануюць у гіт-парад песьню, зь якой не прабіліся на «Басовішча» ў 2007 годзе.

Вось Weeping Twilight таксама выставіла стары трэк «Грэх», але ў абсалютна новым unplugged-выглядзе і прадэманстравала іншы бок сваёй мэталічнай творчасьці. Увогуле, лічу гурт Weeping Twilight адным з найлепшых у Беларусі ў сваім стылі. Яны ўвабралі самае лепшае ад папярэднікаў і сталі пасьлядоўнікамі Gods Tower у фольк-дум-мэтале.

«Троіца». Ну што сказаць можна пра «Троіцу»? Гэта ўнікальны гурт на чале з унікальным чалавекам. Гурт, які абірае самыя цікавыя песьні з глыбіні беларускай зямлі. Песьні добрыя, разумныя, шчырыя, якія ў спалучэньні з творчым майстэрствам музыкаў, становяцца сапраўдным скарбам беларускай культуры!

І, нарэшце, тройка лідэраў.

Калі чуеш песьні, кшталту, «Адэлаіды» гурта NatureMorte, падаецца, што іх ужо чуў шмат разоў раней. Песьня пасрэдная ды й яшчэ не дасканала сыграная — моцна выбіваецца скрыпка з агульнай мэлёдыкі, прымітыўна гучыць рытм-сэкцыя. Але ж людзі галасуюць…

Новае імя на беларускай сцэне ESPRIT удала зачапілася ў тройцы лепшых, ня дзякуючы агульнай назьве зь вядомым брэндам вопраткі, як некаторыя казалі ў гасьцёўні «Тузіна Гітоў». Кранальных песьняў пра каханьне, кшталту «Знайдзі мяне», зусім няшмат стала. Гэтую тэму прынята аддаваць на растрыбушэньне папсовым выканаўцам. А ESPRIT паспрабавалі даказаць, што і беларускім поп-рок-гуртам ня варта ігнараваць такую пяшчотную тэму. :)

Ну і, нарэшце, пераможцы — «Ляпіс Трубяцкой». Ня так часта Сяргей Міхалок і кампанія радуюць беларускамоўнымі песьнямі. Менавіта «Зорачкі» сталі самым кранальным трэкам новага альбома, які нарабіў столькі шуму ў гэтым месяцы. «Ляпісы» супэр-зоркі на ўсёй постсавецкай прасторы, але яны не цураюцца свайго беларускага паходжяньня і нават запісываюць песьні на роднай мове, ў адрозьненьні ад іншых музыкаў, якія сталі вядомымі па-за межамі Беларусі. За наватарскія хады, творчыя ідэі і шчырасьць вялікі дзякуй гурту.

Ад сябе. Мае фаварыты — «Ляпіс Трубяцкой», «Троіца» і Weeping Twilight.

Slaver, для ТГ

Апублікавана 27.10.2008 by  Андрэй.