Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › У мюзікле пра Максіма Багдановіча ролю паэта сыграе Святлана Зелянкоўская

У мюзікле пра Максіма Багдановіча ролю паэта сыграе Святлана Зелянкоўская

А гурт “N.R.M.” адмыслова для гэтай дзеі рыхтуе новую песню на верш класіка. Еўрарадыё зазірнула на рэпетыцыю чарговага твора Ларысы Сімаковіч.

Прэм’ера сучаснай містэрыі Сімаковіч абяцае стацца сенсацыяй. Ужо хаця б фактам таго, што ролю Багдановіча ў ёй выканае … жанчына (!) – знакамітая актрыса Купалаўскага тэатра, а да таго ж выхаванка сімаковічаўскай “Госьціцы” Святлана Зелянкоўская. Але да эпатажу, жадання “падмаляваць вусы Джакондзе” дадзенае вырашэнне не мае аніякага дачынення.

Ларыса Сімаковіч, аўтар музычна-пластычнай дзеі, лічыць жаночую душу больш чуллівай і рамантычнай, чым і тлумачыць сваё творчае рашэнне:

Л.Сімаковіч: "Душа паэта і мастака не мае полу. Але ж усё-ткі паэтычная душа ў маім уяўленні, з большага, – жаночая. Яна больш чуллівая, рамантычная, інтуітыўная, уражлівая… Такое разуменне прадвызначыла мой выбар".

Як і ў “S-музыцы” (сучасныя сцэны паводле паэмы Я.Коласа “Сымон-музыка”), адной з нашумелых прэм’ер Ларысы Сімаковіч, увасобленых на філарманічнай сцэне, у цэнтры новага твора – архетып Мастака. Дзевяць сцэн спектакля – быццам метафізічнае “кола жыцця” паэта, ягоных важнейшых этапаў-ініцыяцый – ад зямнога нараджэння, гравітацыйнага прыцягнення роднага краю з яго пахамі, казкамі, краявідамі, святамі і пакутамі да следвання голасу нябёсаў, сваёй высокай місіі.

Іншыя героі спектакля набываюць таксама сімвалічны сэнс. Сярод іх Моцарт (М.Зуй) і Сальеры (Р.Падаляка) – увасабленне вечных апазіцый “геній і злодзей”, “творчае і штучнае”, “часовае і неўміручае”; русалкі, вадзянікі, лесуны – персанажы паэзіі Багдановіча. Але, бадай, самым неспадзяваным з герояў для публікі стане … Мікалай Пінігін (знакаміты піцерска-мінскі рэжысёр не выйдзе на сцэну, ягоную ролю ваканае згаданы Р.Падаляка), вобраз якога разам з музыкай гурта “N.R.M.” утворыць пазнавальны “кантэкст сучаснасці”.

Лявон Вольскі распавёў Еўрарадыё пра тое, што выступае ў мюзікле ў якасці музыканта, а таксама заінтрыгаваў працай над новай песняй на верш Багдановіча.

Лявон Вольскі: “ Я не граю ролю ў мюзікле. Я граю там як музыка і спяваю. Мы з НРМ там іграем некалькі песень, не хачу анансаваць, калі не атрымаецца, але спрабуем нешта зрабіць на Багдановіча. Будзе досыць спецыфічная песня, не ведаю, ці паспеем…”

“S-музыка”, “Свадзебка”, “Дзень Максіма Багдановіча” – кожны з твораў Ларысы Сімаковіч набліжае да разумення ўласнага нацыянальнага архетыпу, сваіх каранёў, этнічнай прыналежнасці. І тое, што падобныя эксперыментальна-авангардныя праекты знаходзяць падтрымку ў кіраўніцтва філармоніі – яскравае сведчанне сучаснага, еўрапейскага стаўлення да мастацкіх здабыткаў, сярод якіх знаходзіцца месца як для акадэмічнага “сёння”, так і для наватарскага “заўтра”.

Святлана Соль, Маша Яр

Апублікавана 05.12.2008 by  Андрэй.

Апошнія тэмы на форуме: