Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Вольскі і Анемпадыстаў напішуць новыя песні для Народнага альбому?

Вольскі і Анемпадыстаў напішуць новыя песні для Народнага альбому?

Сёлета ўдзельнікі праекту вырашылі зрабіць два канцэрты, а з наступнага году паабяцалі зламаць традыцыю і зайграць «Народны альбом» як мінімум тры ці чатыры дні запар.

«11 год запар без усялякіх ньюсаў і неспадзяванак «Народны альбом» збірае поўныя залы» — такімі словамі распачаў канцэрт Міхал Анемпадыстаў.

Пачалася імпрэза песнямі «Пад прыгнётам панскім», за ёй «Маладое піва» і «Маці Боска Вострабрамска», праспяваць якую пад не сціхаючыя авацыі выйшла Вераніка Круглова, якая адмыслова прыехала на канцэрты з Берліну. Відавочна тое, што Вераніка вельмі рада зноўку выступаць на мінскай сцэне.

Адзін з аўтараў праекту Міхал Анемпадыстаў анансаваў кожную песню і распавядаў розныя цікавыя гісторыі, якія адбываліся з удзельнікамі праекту за 11 год яго існавання падчас канцэртаў і гастроляў. Звыклага антракту не было. Замест гэтага Міхал распавёў пра кампанію «Будзьма» і дадаў, што па шчырасці «Будзьма» зараз працягвае рабіць тое, чым беларускія музыканты займаюцца ўжо даўно.

Міхал Анемпадыстаў: «Больш за ўсё ў рэкламнай прадукцыі кампаніі “Будзьма!” мне падабаюцца торбы. Бо яны увасабляюць саму кампанію: унутры яны пустыя і павінны быць запоўненыя, таксама як і кампанія “Будзьма”, якая сваімі акцыямі заклікае кожнага беларуса далучыцца і зрабіць свой уласны ўнёсак у агульную будучыню».

Гэтым разам кампанія «Будзьма» вырашыла ўзнагародзіць самых годных дзеячаў культуры на Беларусі. На першым канцэрце, 2-га снежня, ушанавалі кнігу «Краіна Беларусь» і яе аўтараў – пісьменніка Ўладзіміра Арлова і мастака Змітра Герасімовіча. Падчас другога канцэрту на сцэну ўзняўся мысляр і чалавек-эпоха ў жыцці сучаснай Беларусі Валянцін Акудовіч, якога «Будзьма» узнагародзіла торбай і хлебам за беларускасць. А за ім і Ігар Варашкевіч, які быў названы самым паслядоўным беларускім музыкантам. У сваю чаргу Ігар прызнаўся, што шчыра зайздросціць удзельнікам гэтага праекту, бо сам не прымае ў ім ўдзелу. Сааўтары«Народнага альбому» Вольскі і Анемпадыстаў не разгубіліся і ў адказ паабяцалі падумаць над напісаннем новых песень.

На імпрэзе было столькі цікавых і паважаных людзей, што зала ўвесь час асвятлялася бліскавіцамі фотакамер: Міхал Анемпадыстаў справядліва адзначыў, што павітаць асабіста варта было б кожнага другога ў зале. Сярод прысутных была Валянціна Аксак, паэтка і жонка вядомага пісьменніка і гісторыка Ўладзіміра Арлова, мастак Зміцер Герасімовіч, паслухаць «Народны альбом» прыйшоў і Аляксандр Мілінкевіч ды шмат іншых.

Апошнюю песню праекту «Простыя словы» зала слухала стоячы. Пад не сціхаючыя апладысменты і «брава» музыкі падарылі сваім слухачам караценькі паўтор апошняга куплету сапраўды культавай песні. Але на большае «раскруціць» «Народны альбом» не атрымалася: «Прыходзьце наступным разам, сябры»,— сказаў Анемпадыстаў.

На гэтым і развіталіся.

А зала рынулася за аўтографамі...

Эўрарадыё, Міра Шульц

Апублікавана 05.12.2008 by  Андрэй.