Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Сяргей Канановіч пра вынікі чарговага туру на Тузіне Гітоў

Сяргей Канановіч пра вынікі чарговага туру на Тузіне Гітоў

Сяргей Канановіч нарадзіўся 29 лютага 1972 году ў Менску. Музыкай пачаў займацца з школьных часоў, самавук. Скончыў геаграфічны факультэт БДУ (1995), але па спэцыяльнасьці «географ» ніколі не працаваў, бо вырашыў зьвязаць жыцьцё з музыкай. Першы гурт — Jar Jabber (1994). У складзе гурта Hasta La Fillsta скарыў фэстываль «Басовішча» (1997). Цяпер удзельнік адразу некалькіх вядомых беларускіх камандаў — гітарыст праектаў «Крамбамбуля» і Zet, бас-гітарыст гурта Pomidor/off. Граў таксама з гуртамі «Палац», zygimont VAZA, Зьмітром Вайцюшкевічам, N.R.M. ды іншымі. З усіх музычных кірункаў сам аддае перавагу стонэру ды гаражнаму року. За чартам ТГ сочыць уважліва, але музыканту ня вельмі падабаецца, што досыць часта слухачы галасуюць за вядомае імя, але не за ўласна кампазыцыю.

Шчыра кажучы, мяне ўразілі амаль усе кампазыцыі. Пра такіх монстраў, як «Ляпісы» і «J:морс» гаварыць ня буду, тут усё ў парадку. А вось «Жнюв» мяне вельмі парадаваў: добры вакал, песьня — супэр! Але! Там такая жахлівая акустычная гітара. Проста выкіньце яе з трэку, яна там не патрэбная.

Хачу яшчэ адзначыць гурт ESPRIT. Добрая рамантычная песьня, прыемная мэлёдыя: выдатна, так трымаць! Re1ikt — малайцы, закранулі прыемную тэму, сур'ёзныя рабяты. «Остап Бендер» усьміхнуў — нагадаў «Машину времени», а Rahis — Зэмфіру. ЗМ99 — дзякуй за прыкольны тэкст. «Детидетей» віншую з гімнам, бадзёрыць.

На жаль, у большасьці гуртоў даволі нізкі ўзровень запісу, яркі прыклад гэтаму — Sciana, асабіста ведаю рабят, добры гурт, але чакаў большага…

Хачу параіць усім калектывам: старайцеся не эканоміць на студыі і гукааапэратарах. Выкіньце гітарныя працэсары! Яны не для студыяў. Музыка павінна пранікаць цераз ваша сэрца і толькі пасьля гэтага яе палюбяць слухачы.

Love, Peace, Unity!!!

Ваш Сяргей Канановіч, для ТГ

Апублікавана 20.05.2009 by  Андрэй.