Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Піт Паўлаў піша музыку да пакуль неіснуючага фільма

Піт Паўлаў піша музыку да пакуль неіснуючага фільма

У інтэрв’ю Еўрарадыё Піт Паўлаў распавёў, чаму ён не збіраецца выдаваць альбомаў, што яго аб’ядноўвае з “Доктарам Хаусам” і чаму ён не зробіць памылкаў «Red Hot Chili Peppers»

ЕРБ: Мы даведаліся, что Вы на доўгі час з'язджаеце ў Польшчу..

Піт Паўлаў: Так, я выіграў творчую стыпендыю – Гаўдыё Палонія. Гэта стыпендыя для маладых творчых асобаў. Польша дае такую магчымасць некаторым творцам выканаць свае творчыя праекты.

ЕРБ: А што гэта за праект? Чым менавіта мусіце займацца гэты час?

Піт Паўлаў: Тэма праекта – напісанне музыкі да кінафільма паводле творчасці Сяргея Пясецкага. Назва гэтага цыкла «Зброя. Кабеты. Дыяменты». Вось такі цыкл песень я збіраюся стварыць. Базай для гэтага будуць абодва мае гурты - «Pete Paff» і «GARADzKIJA». Але да рэалізацыі, калі атрымаецца, я збіраюся далучыць сваіх сяброў-музыкантаў. Перад усім Лявона Вольскага, Міхала Анемпадыстава, магчыма таксама Алега Хаменку, Зміцера Вайцюшкевіча і можа кагосьці з маладых музыкантаў. Але паўтаруся – базай будуць мае ўласныя гурты і мая ўласная асоба. То бок я буду кампазітарам, аўтарам тэкстаў, аранжыроўшчыкам і мае гурты будуць гэта выконваць і запісваць. Адзінае, што магчыма я не буду спяваць усе песні, а запрашу сваіх сяброў, каб не было так аднастайна.

Тым больш, што музыка да фільму, як вы разумееце, уключае ў сябе такія раздзелы як: тэма злых, станоўчая тэма, гераічная, тэма прастытуткі, напрыклад, кахання, трывогі, кантрабандыстаў, зброі, казіно, картаў. Гэта можа быць аб'яднана ў трох-чатырох творах, можа быць расцягнута на дзесяць-дванадцаць. Гэта цікавая для мяне праца напісання музыкі да неіснуючага фільма. Думаю, што паралельна я напішу сцэнар да фільма і ўжо з гэтым матэрыялам буду шукаць умовы, каб запісаць альбом і сняць два кліпы.

ЕРБ: Кліпы? На песні да гэтага фільму?

Піт Паўлаў: Так, і я нават ведаю, як мусяць выглядаць гэтыя кліпы – як трэйлеры да фільмаў. Можна нават зрабіць такую містыфікацыю – нібыта фільм ужо ёсць. А трэйлер змантаваны з выканання песні гуртом і кадраў з фільма, якія ілюструюць гэту песню. Мне здаецца, гэта цікавая думка. Мінімум, які я мушу зрабіць, – проста напісаць гэтыя песні.

ЕРБ: А які лёс у апошняга кліпа гурта «GARADzKIJA» на песню «Той, што прыйдзе пасля»? Вы яго знялі – дзе ён зараз?

Піт Паўлаў: Я выкупіў кліп, зараз у мяне ёсць на яго сумежныя правы. На два мае першыя кліпы правы цалкам належаць мне, гэта мая прадукцыя. Я быў прадзюсэрам, сцэнарыстам і сурэжысёрам. У дадзеным кліпе было ўсё тое ж самае, але прадукцыя належала «Белтэлерадыёкампаніі», таму я вымушаны быў выкупіць гэты кліп. Але шчыра скажу, што кошт быў цалкам прымальным для мяне – такая прыемная акцыя канала. Я вельмі ўдзячны перад усім Анатолю і Аксане Вечар, а таксама свайму дырэктару, Ганне Трубачовай. Яна знайшла мне дзяўчынку для кліпа за два дні да здымак.

ЕРБ: Распавядзіце, калі ласка, пра сам кліп.

Піт Паўлаў: Галоўная думка гэтага кліпа –ў той час, калі людзям падаецца, што «зоркі», іх куміры, - гэта нейкія багі, якія існуюць у іншых сферах, гэтыя багі ходзяць па тых самых вуліцах, займаюцца тымі самымі справамі. І ў той час калі нашы прыхільнікі моляцца на сваіх куміраў, самі зоркі займаюцца іншымі рэчамі. Я, напрыклад, зараз вельмі цікаўлюся серыялам «Доктар Хауз», і мяне з галоўным героем шмат чаго аб'ядноўвае.

ЕРБ: Напрыклад?

Піт Паўлаў: Хауз у серыяле набывае такую ж самую гітару, як і я – вельмі элітарны Gibson Flying V. Толькі з прафісійнага пункту гледжання мне падаецца, што мой лепшы. Але ягоны «гібсан» каштуе 18000 даляраў, і пра гэта было вельмі гучна паведамлена ў фільме. Нават з гэтай нагоды адбылося некалькі смешных выпадкаў у маім жыцці.

Я ўсім сваім сябрам казаў, што набыў новую гітару. А некаторыя з іх глядзелі серыял «Доктар Хауз» і гэтая лічба ў іх адбілася ў галаве. Таму што 18 тысяч за гітару – гэта надзвычайна для беларускага менталітэту. Тым больш, што гэтыя заможныя людзі прыходзілі да мяне ў хату, дзе ўсё даволі сціпла і артыстычна, я паказваю гітару, пасля дадаю, што набыў яшчэ і акустычную, якая лепшая і даражэйшая за гэту, і адразу бачу, як пачынаецца калькуляцыя: «Ага, гэта 18, тая няхай 20 – атрымоўваецца каля 40». Гэта цяжка суаднесць з маім вобразам. Я ўсё гэта ўключыў у кліп, дарэчы. Гэта гітара дадае кліпу дадатковы камертон.

ЕРБ: Што зараз адбываецца з праектам «Pete Paff»?

Піт Паўлаў: «Pete Paff» зараз знаходзіцца ў творчым адпачынку, нягледзячы на тое, што для яго пішуцца новыя песні і гэты практ - «Зброя. Кабеты. Дыяменты» будзе напісаны ў разліку на гучанне перад усім «Pete Paff». То бок каб можна было ўявіць, што так мог гучаць месцячковы аркестр 30-х гадоў Беларусі, што цалкам магчыма. У Мінску паралельна існаваў джазавы аркестр Эдзі Рознэра і вясельнае гранне на цымбалах, звычайных вясельных бубнах. Таксама існавалі духавыя жыдоўскія аркестры. І я ўпэўнены, што ў некаторыя моманты музыканты аб'ядноўваліся паміж сабой.

Менавіта аб'яднанне вось такога гучання духавога аркестра з народнымі інструментамі, перад усім цымбаламі, жалейкамі, лірамі і дудамі, - вось гэта місія «Pete Paff». Мне здаецца гэта цікава, крышачку беспрэцэндзентна. Можна параўноўваць з Балканскай музыкай, «кустурычнай» і «брыгавічнай», можна з жыдоўскімі аркестрамі, але ўсё ж такі песні мы выконваем перад усім беларускія.

ЕРБ: Чаму гурт «GARADzKIJA» не збіраецца выпускаць альбомаў?

Піт Паўлаў: Сусветная музычная індустрыя даволі скептычна зараз ставіцца да гэтага. Я збіраюся працаваць над сінгламі, а не над тым, каб выдаць дарагую кружэлку, прасоўваць яе на рынак і паміраць. Я думаю запісаць адну песню. Калі яна пойдзе ўдала – адразу рабіць на яе кліп, каб яна рэпрэзентавала гурт. Мне здаецца, што гэтыя свежаспечаныя альбомы ніхто не слухае і тым больш не заслухвае да дзірак. Адзін раз праслухаў – добра, калі вуха зачапілася за адну песню. Цалкам магчыма, калі на песню няма кліпа, вуха не зачэпіцца ні за адну.

Я кажу нават пра такіх зорак, як «Red Hot Chili Peppers», якія выдалі гіганцкі альбом-двайнік. Я фанатычны прыхільнік творчасці «Red Hot Chili Peppers», але ўсё ж такі, слухаючы гэты альбом, злавіў сябе на думцы, што ён задаўгі і нічога ў галаве не застаецца! Я зразумеў, што не буду так рабіць. Напішу лепш класную песню і хай людзі яе спампоўваюць у інтэрнеце, глядзяць па тэлебачанні, слухаюць на канцэртах. У нейкі момант такіх песень будзе некалькі і наспее выхад альбому. Калі ж гэта адбудзецца, ўсе яго з задавальненнем набудуць ці выкрадуць з інтэрнэту (смяецца).

ЕРБ: У Вас падрастае сын. Якім Вы бачыце будучыню для Яна-Вінцэнта?

Піт Паўлаў: Нехта з маіх знаёмых запытаўся ў Яна-Вінцэнта наўпрост: «Кім ты хочаш быць?». І ён адказаў даволі зразумелай фразай: «Я хацеў бы быць банкірам і музыкантам». І зараз я яго даволі часта называю «банкір-музыкант», каб проста пажартаваць на гэты конт, але ўсё ж такі ягоны ход думак зразумелы. Ён выхоўваецца ў артыстычнай сям'і, у дзьвух вельмі паспяховых артыстаў. Але пры гэтым у нашам коле сяброў ёсць вялікая колькасць бізнэсмэнаў «сярэдняй рукі», фінансавыя ўмовы якіх катастрафічна адрозніваюцца ад нашых. То бок гэтыя людзі лёгка сабе будуюць кватэры, падарожнічаюць не толькі па запрашэннях, як мы – ці на выставы, ці на канцэрты, а калі самі захочуць. Ян-Вінцэнт, безумоўна, усё гэта бачыць і аналізуе. І, канешне, я разумею, што роля нават вельмі паспяховага беларускага музыканта хутчэй за ўсё будзе для яго не дастатковай.

ЕРБ: Што на Вашу думку выратуе беларускі шоў-бізнэс?

Піт Паўлаў: Возьмем да прыкладу дыстрыб'юцыю ў крамах: калі ў нас выдаецца кружэлка, яна з'яўляецца недзе на складах у Мінску. І ўсе астатнія беларускія крамы мусяць па яе прыехаць і замовіць неабходную колькасць. Так прасоўваць прадукт у прынцыпе немагчыма. Таму ад нас саміх у вялікай ступені залежыць, ці ўвальемся мы ў нейкую сусветную структуру, ці пабудуем эксклюзіўную сваю. Вось гэта, мне здаецца, даволі сур'ёзны накірунак працы. І я згодны ў ім удзельнічаць.

Міра Шульц

Апублікавана 22.05.2009 by  Андрэй.