Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Андрэй Халадзінскі пра Піта Паўлава і Лявона Вольскага

Андрэй Халадзінскі пра Піта Паўлава і Лявона Вольскага

Свой тузін лепшых песень гэтага музычнага сэзону назваў музычны рэдактар «Альфа-радыё» (107,9 FM) Андрэй Халадзінскі. Экспэрт прызнаўся, што даволі цяжка было сфармаваць сьпіс з 12-ці кампазіцыяў, бо вартых увагі аказалася куды больш.

Прывітаньне! Можа быць гэта не зусім тое, што было трэба і не зусім так, як было варта, але затое чэсна:). На самой справе мой інтарэс не абмежаваўся дванаццаткай, ёсьць яшчэ як мінімум зь дзясятак камандаў, якія вартыя ўвагі, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Адыс Абэба — Дзеці. Калі слухаеш гэту песьню, то разумееш, што Беларусь і Ямайка — блізьняты.

Джамбібум — Дзеўкі. Яскравае сьведчаньне таго, што моладзь ня толькі цікавіцца нацыянальнай спадчынай, але па-свойму яе трактуе.

ESPRIT — Знайдзі мяне. На якой бы мове не выконвалі яны свае песьні, гэта заўжды прыемна слухаць.

GARADzKIJA — Усё, што мяне ў гэтым сьвеце трымае. Цешыць тое, што ня сканчваецца творчы зарад у Піта Паўлава.

J:морс — Не здавайся. Тутака нічога ня скажаш, бо «J:морс» і ў Афрыцы «J:морс»:)

Ляпіс Трубяцкой — Зорачкі. Зьмена іміджу яўна пайшла «Ляпісам» на карысьць, гіт ёсьць гіт, хоць мне яны былі больш даспадобы за тымі часамі, калі толькі-толькі выдалі «Ранетае сэрца». Зрэшты, пра густы не спрачаюцца.

Neuro Dubel — Трываю. Неўтаймаванасьць спадара Кульлінковіча ўражвае, не старэюць душою вэтэраны:)

Несьцярэнка Юры — Неба навокал. Кажуць, што калі добраму чалавеку кепска — гэта блюз, а калі кепскаму добра — то папсьня. Калі слухаеш Юру Несьцярэнка, то даеш веры ў тое, што добрых людзей куды болей.

Остап Бендер — Сямнаццаць. Мне гэтая песьня нагадала «Машину Времени» 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, толькі на мове.

Палац — Хай месяц. Усё, што робіць Алег Хаменка з калегамі заўжды вартае ўвагі, у тым ліку і гэты твор.

Троіца — Удоль па рэчачцы. Зь вялічэзнай павагай стаўлюся да творчасьці Івана Кірчука, ён напраўду гэтага заслугоўвае, як і астатнія музыкі «Троіцы». Калі не даводзілася вам іх пачуць раней — варта далучыцца да гэтых сьпеваў.

Вольскі Лявон і Пугач Уладзімер — Такога няма нідзе. Проста, весела, задорыста, самабытна, хоць бы таму, што сапраўды «такога няма нідзе»:)

Андрэй Халадзінскі, для ТГ

Апублікавана 13.07.2009 by  Андрэй.