Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › N.R.M. перапыняе маўчаньне

N.R.M. перапыняе маўчаньне

Пасьля паўзы ў год гурт Лявона Вольскага ізноў дае вялікі канцэрт у Менску. Нагода — 15-годзьдзе творчай дзейнасьці. Спраўляцца юбілей будзе без асаблівага афіцыёзу, патасу і гучных словаў, у вялікай залі, але ў камэрным фармаце. «Мне асабіста акустычныя канцэрты падабаюцца больш цёплымі адносінамі з гледачамі, хатняй атмасфэрай і магчымасьцю суцэльнай імправізацыі», — прызнаецца Лявон Вольскі.

Пасьля таго, як рокерам паабяцалі ў адміністрацыі прэзыдэнта зьняць усе забароны, гурт N.R.M. практычна зьнік з музычнага далягляду і адмаўляўся ад удзелу ў канцэртах і фэстывалях на тэрыторыі Беларусі. Самі музыкі тлумачылі гэта тым, што ўзялі творчы адпачынак. «Трэба вытрымаць паўзу. Тры гады нельга было граць, а цяпер гэта нават заахвочваецца. Думаю, што наадварот у гэтай сытуацыі трэба крышачку памаўчаць ды падумаць», — прызнаўся Вольскі ў адным з сваіх інтэрвію. За гэты час гурт сабраўся ўсяго некалькі разоў і тое дзеля канцэртаў па-за межамі краіны.

І вось музыкі прынялі рашэньне даць вялікі канцэрт — у канцэртнай залі «Мінск» 17 сьнежня. Гэта будзе першы іх выступ за гэты год у сталіцы. Нагода — 15-годзьдзе N.R.M., якое вырашана справіць акустычным канцэртам. Лявон Вольскі прызнаецца, што такі камэрны фармат яму больш даспадобы, бо мае больш хатнюю атмасферу, дае магчымасьці для імправізацыі ды і наогул атмасфэра на такіх выступах яму падаецца больш добразычлівай. Музыкі абяцаюць сыграць галоўныя гіты N.R.M., песьні з супольных праектаў, калядныя творы, а таксама рыхтуюць колькі сюрпрызаў.

ТГ, паводле www.udf.by

Апублікавана 09.11.2009 by  Андрэй.