Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Прэч ад палітыкі?

Прэч ад палітыкі?

Гурт N.R.M. выклаў у інтэрнэт рэзкую песню «Палітыка-паралітыка». У ёй пяецца пра «змагароў», якія «сядзяць на пасадах» і якім з Захаду «грошай ліецца рака». У часткі прыхільнікаў гурту тэкст Вольскага, сугучны прапагандысцкім перадачам БТ, выкліча шок.

Але на тое і рокер, каб слухач не драмаў. Ён нічый, толькі гэта дае свабоду. У такую рэзкую форму ён упакаваў стратэгію, вартую абмеркавання. Творца пратэстуе супраць ператварэння шматколернага жыцця ў чорна-белае. Супраць таго, каб усё, што ў краіне адбываецца, разглядалася праз прызму барацьбы між рэжымам і яго апанентамі.

Праўда, ператвараць у «палітыку» культуру і спорт, паглыбляючы раскол у грамадстве, пачалі першыя зусім не «змагары», а той, з кім яны змагаюцца. Ад гэтай палітызацыі прайграе ўся краіна. Ва ўяўленні большай часткі насельніцтва сёння гаварыць па-беларуску публічна — палітычны акт. Аддаць дзіця ў беларускі клас — палітычны акт. Запісацца ў недзяржаўны Саюз пісьменнікаў — яшчэ які палітычны акт. Добра, што хоць «забароненай музыкі» ўжо няма.

У выніку людзі баяцца Беларушчыны, як баяцца чагосьці, праз удзел у чым можна страціць працу, маёмасць, свабоду. Гэтым, а не нейкай міфічнай нацыянальнай няспеласцю, абумоўленая сённяшняя культурная сітуацыя ў краіне.

Сам Вольскі знаходзіць выйсце, свядома ці не, у сваіх «адпачынковых» праектах. І за гэта яго так ганяць тыя, хто хоча бачыць у ім пафаснага выкрывальніка, кшталту Юрыя Шаўчука. А адпачынковыя праекты і народ, і начальства прымаюць без асцярогі. Бо што можа быць небяспечнага ў блазенскім настальжы па 60-х гадах? Або ў «Крамбамбулі»? А беларускамоўная прастора тым часам пашыраецца. Без гераізму і рамантыкі змагання. Ніякай палітыкі.

Сяргей Мікулевіч, Наша Ніва

Апублікавана 10.02.2010 by  Андрэй.