Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › N.R.M. пачалі запіс новага альбому!

N.R.M. пачалі запіс новага альбому!

Сымвалічна, але менавіта 3-га ліпеня, у так званы Дзень Незалежнасьці, пачала адлік часу да дня свайго нараджэньня доўгачаканая плытка гурта N.R.M.

Назву кружэлкі музыкі пакуль трымаюць у сакрэце. Таксама ня вызначана і колькасьць песень шостага па ліку студыйнага альбома каманды – на пытаньне пра гэта Лявон Вольскі, па звычаю, адказвае: «Як пойдзе». Дакладна вядомы лёс ужо не зусім новых, а дакладней, зусім ня новых «10» і «Рок-н-рол не ўратуе» – творам наканавана застацца выключна «справаздачнымі». Ня ўвойдзе ў альбом і прадстаўленая на адным з выступаў «Толькі для цябе».

Запіс плянуецца правесьці ў два сэты, на першым зь якіх будзе запісаны матэрыял з шасьці вядомых па апошніх канцэртах песень, - «Гадзючнік», «Нас дахалеры», «Сталінград», «Свабоды глыток», «Кітай», «Менск і Мінск» – да якіх дадасца пакуль не прэзэнтаваная шырокай аўдыторыі «Тое, што ёсьць паміж намі». «Кітай», дарэчы, было вырашана ўвасобіць на кружэлцы менавіта ў тым варыянце, што быў агучаны на апошнім выступе ў Палацы мастацтваў: зь Лявонам Вольскім за бубнамі і Алезісах Дземідовічам на галоўным вакале. Тэрміны выхаду альбома ўдзельнікі N.R.M. лічаць за лепшае не заганяць у пэўныя рамкі. Але музыкі ўпэўненыя, што доўга чакаць не давядзецца.

Апублікавана 13.07.2006 by  Alonka.