Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Панк на Танка

Панк на Танка

Даўгачаканая прэзэнтацыя альбому Лявона Вольскага «Белая яблыня грому» на вершы беларускіх паэтычных клясікаў пераўтварылася ў сапраўдны справаздачна-паказальны канцэрт «Лепшае» з песьнямі з усіх праектаў, створаных музыкаю за апошні час.

Першае аддзяленьне было аддадзенае ды й прысьвечанае менавіта беларускай паэзіі і яе ўвасабленьню Лявонам Вольскім разам з музычным бэндам са свайго пункту гледжаньня. Прызнацца шчыра, музычнае аздабленьне некаторых вершаў пакінула толькі лёгкую зачараваную
ўсмешку: «Пахне чабор» (верш Петруся Броўкі) ці «Скандынаўская песьня» (верш Максіма Багдановіча), а вось панкаўская песьня «Вецер Радзімы» (верш Максіма Танка), мэталёвая «У турме» (верш Якуба Коласа), рэп з Аляксандрам Памідоравым «Немец» (верш Францішка Багушэвіча) ўзрушылі, а некаторых гледачоў прымусілі крыкнуць «Брава, маэстра!». Скончыла праграму загалоўная сьветлая і жыцьцёвая песьня «Белая яблыня грому» (верш Рыгора Барадуліна) з запісаным уступным словам ад аўтара.

У другім аддзяленьні абяцаліся новымі сольнымі песьнямі ды старымі гітамі з адноўленай «Крамбамбуляй» напрыканцы. Стары склад, акрамя духавой сэкцыі, зьмяніўся амаль цалкам новымі музыкамі: на бас-гітары граў Алесь Мышкевiч, басіст гурта «Без білета», на бубнах - Сяржук Штэндэр, на гітары – Павал Трацьцяк, які таксама грае ў J:морс, на другой гітары Алег Гарус. Гэтыя ж музыкі гралі і ў першым аддзяленньні «Белая яблыня грому». Вольскі да таго ж засьпяваў некалькі песень зь вядомымі гасьцямі Ўладзімерам Пугачам і Ганнай Хітрык.

“У бліжэйшых плянах калектыву - Крамбамбуля Народная”, - падзяліўся навіною Лявон Вольскі, то бок стварэньне праграмы на народныя песьні. Сапраўднасьць гэтай ідэі музыкі падцьвердзілі вясёлай і танцавальнай песьняй на народныя словы «Як служыў жа я ў пана», якая выклікала вельмі пазытыўную рэакцыю ў залі.

На канцэрце прысутнічала шмат знаных гасьцей. Аднаму зь іх, амбасадару Ірляндыі ў Літве і Беларусі Доналу Дэнэму, Лявон Вольскі прысьвяціў з нагоды Дня Сьвятога Патрыка песьню ў ірляндскай стылістыцы «Сіні нос», а гледачам пажадаў: “Сьвяткуйце пазытыўна Дзень Волі, як сьвяткуюць Дзень Сьвятога Патрыка”.

Дарэмнымі былі словы Вольскага “Бісу ня будзе” і апошняя ў праграме канцэрту песьня «Госьці», якая прымусіла ўзьняцца ўсе тры паверхі тэатру імя Янкі Купалы і сьпяваць разам. Гледачы вырашылі - біс будзе, таму яшчэ два гіты «Старыя хіпаны» і «Абсэнт» даказалі недарэмнасьць выкрыкаў гледачоў “Брава, маэстра!”

Павал Белавус, ТГ

Апублікавана 24.03.2010 by  Андрэй.

Апошнія тэмы на форуме: