Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Pete-Paff аднаўляе дзейнасьць, каб прэзэнтаваць музычную энцыкляпэдыю для дзетак

Pete-Paff аднаўляе дзейнасьць, каб прэзэнтаваць музычную энцыкляпэдыю для дзетак

Гурт Pete-Paff абвесьціў пра аднаўленьне сваёй дзейнасьці. Апошні раз музыкі зьбіраліся пры канцы 2010 году. Нагода для бліжэйшых канцэртаў — прэзэнтацыя «Незвычайнай энцыкляпэдыі народных інструмэнтаў», якую ўдзельнік капэлы Яраш Малішэўскі напісаў разам зь вядомай пісьменьніцай Аксанай Спрынчан.

«Незвычайная энцыкляпэдыя народных інструмэнтаў» выйшла летась у выдавецтве «Мастацкая літаратура», але толькі цяпер яе аўтары сасьпелі да вялікай прэзэнтацыі. Выданьне гэтае сапраўды ўнікальнае. Яго аўтарам стаў музыкант і дасьледчык Яраш Малішэўскі разам зь вядомай пісьменьніцай Аксанай Спрынчан. Мастацкае аздабленьне і малюнкі інструмэнтаў зрабіла маладая мастачка — Вераніка Шніп. Кніга напісаная ў форме займальнай, казачнай энцыкляпэдыі, яна знаёміць дзетак зь беларускімі народнымі інструмэнтамі. Па задумцы аўтараў, праз гісторыі, казкі, ды рэальныя факты беларусы з маленства далучаюцца да хараства і прыгажосьці нашае музыкі. «Мы апавядаем пра акарыну, барабан, басэтлю, берасьцянку, бразготку, бубен, варган, вугольнік, гармонік, гусьлі, цымбалы ды іншыя інструмэнты, здаўна знаёмыя беларусам. Некаторыя, праўда, ужо амаль забытыя, але каму, як ня сёньняшнім чытачам, аднаўляць ды граць на іх?» — кажа Яраш Малішэўскі.

Шмат якія інструмэнты з энцыкляпэдыі ажывуць і загучаць у час прэзэнтацыі выданьня, якое пройдзе пры ўдзеле гурта Pete-Paff. Адмыслова дзеля гэтага каманда аднавіла дзейнасьць. Апошні выступ яны далі ў сьнежні 2010 году ў Польшчы. «Мы палічылі прэзэнтацыю кнігі добрай нагодай дзеля таго, каб ізноў сабрацца разам», — кажа лідэр праекту Піт Паўлаў. Акрамя яго і Яраша ў склад гурта ўваходзіць бубнач N.R.M. Алезіс Дземідовіч, цымбалістка Алеся Шагун, тубіст зь «Серебряной свадьбы» Сяргей Шэпелеў. Музыкі сьцьвярджаюць, што прынцыповае адрозьненьне іх гурту ад іншых беларускіх фольк-калектываў у падыходзе да аранжаваньняў і тэкстаў. Pete-Paff імкнецца наблізіць гучаньне да сучасных узораў сусьветнай папулярнай музыкі і значна пашырыць кола слухачоў. Адзін з прыкладаў іх творчасьці — песьню «Cok-cok-cok» можна пачуць на «Тузіне Гітоў».

Канцэрты Pete-Paff і прэзэнтацыя «Незвычайнай энцыкляпэдыі народных інструмэнтаў» пройдуць у Крупках (10 верасьня), Наваградку, Іўі (27 жніўня), а скончыцца тур канцэртам у Менску 24 верасьня, на сцэне беларускага тэатру драматургіі. Сачыце за афішай на ТГ.

Тузін Гітоў

Апублікавана 10.08.2011 by  Андрэй.