Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіДзейнасьць › СС НРСМ!

СС НРСМ!

«Тузін Гітоў» наведаўся на першую сустрэчу N.R.M. са сваім фэн-клюбам. Міністры азнаёміліся са Статутам СС НРСМ і падпісалі адпаведную дакумэнтацыю. Міністар працы і абароны Лявон Вольскі: «Мы былі вельмі ўзрушаныя падрыхтоўкай НРСМ! Пасьля такога нам проста сорамна ня скласьці Канстытуцыю».

Незалежны Рэспубліканскі Саюз Моладзі (НРСМ) — ужо ня першая спроба стварэньня фан-клюбу легендарнага беларускага гурту. Але па незразумелых прычынах жыцьцё гэткіх утварэньняў на тэрыторыі Незалежнай Рэспублікі Мроя абрывалася пасьля аднаго-двух месяцаў. На гэты раз прыхільнікі N.R.M. падыйшлі да справы сур’ёзна і грунтоўна. 20-га лістапада СС (сяброўская суполка) НРСМ, пасьля амаль паўгадовага функцыянаваньня, атрымала афіцыйны статус.

На адным з акустычных канцэртаў Лявон Вольскі прапанаваў у адказ на існаваньне БРСМ утварыць падобную установу і ў межах НРМ. Вагаўся музыка толькі з назвай. І пакуль міністры Рэспублікі Мроя нясьпешна разважалі наконт рэфэрэндуму, аматары іх творчасьці вырашылі ўзяць справу ў свае рукі.

— За час свойго існаваньня N.R.M. выгадавалі не адно пакаленьне сьвядомых беларусаў, — распавядае пра ідэю стварэньня НРСМ адзін зь сяброў прэзыдыюма Вячаслаў Радзівонаў aka Slaver, — яны заўсёды незаўважна былі побач, падтрымлівалі, уздымалі настрой на канцэртах. Цяпер мы вырашылі падтрымаць гурт, бо вядома, што зараз хлопцы перажываюць ня лепшыя свае часы.

25-га чэрвеня гэтага года адбылося першае паседжаньне фан-клюбу, падчас якога было вырашана стварыць у межах НРМ Незалежны Рэспубліканскі Саюз Моладзі. Неўзабаве ў інтэрнэце зьявіўся і сайт фан-клюбу (http://www.nrsm.org/) — прадукт ад вядомага беларускага дызайнэра Рогача, адбыўся шэраг акцый у падтрымку N.R.M. Некалькі разоў штотыднёвыя паседжаньні наведваў Віктар Дзятліковіч, аўтар кнігі «Іх МРОЯ. Іх N.R.M.». А 20-га лістапада адбылася доўгачаканая сустрэча фан-клюбу з самімі удзельнікамі рок-гурту.

Пасьля віншаваньня Піта Паўлава з адзначаным ужо днём народзінаў, распачалася афіцыйная частка мерапрыемства. Міністры азнаёміліся са Статутам СС НРСМ і падпісалі адпаведную дакумэнтацыю, а Лявон Вольскі, як міністар працы і абароны, нават асабова даў наказ абранаму Прэзыдыюму.

— Мы былі вельмі ўзрушаныя падрыхтоўкай НРСМ! — падзяліўся ўражаньнямі музыка. — Пасьля такога нам проста сорамна ня скласьці Канстытуцыю. Прычым, прачытаўшы Статут і дэкрэты, я зразумеў, што яе спакойна можна аддаваць на дапрацоўку і рэдагаваньне нашаму фан-клюбу. За справу ўзяліся вельмі ініцыятыўныя людзі, якія проста так ад ідэі не адмовяцца. Мы, са свайго боку, абяцаем стоадсоткавае супрацоўніцтва і дапамогу.

На працягу паседжаньня Лявон, Піт, Алезіс і Юрась распавядалі гісторыі гастрольнага жыцьця, разбаўляючы расказы акустычнымі сэтамі. Пры канцы сустрэчы ўдзельнікі N.R.M. паабяцалі ў хуткім часе зноў наведаць фан-клюб, але на гэты раз ужо з падрыхтаванай Канстытуцый Незалежнай Рэспублікі Мроя.

— Сустрэча з N.R.M. паказала, як гурт патрэбны нам, і як мы патрэбныя ім, — кажа Slaver. — Спадзяюся, гэткія імпрэзы стануць добрай традыцыяй. На жаль, зараз гурту немагчыма правесьці паўнавартасны канцэрт. Таму, пэўна, такія вось сустрэчы стануць, бадай, апошняй магчымасьцю пачуць N.R.M. А акрамя ўсяго, па-сяброўску пагутарыць зь яго ўдзельнікамі.

Алёна Скарабагатая, «Тузін Гітоў»

Апублікавана 22.11.2005 by  Slaver.