Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › У здымках кліпа N.R.M. зможа паўдзельнічаць кожны

У здымках кліпа N.R.M. зможа паўдзельнічаць кожны

Праца над кліпам на песьню «Lohkija-lohkija» з апошняга альбому N.R.M. пачалася блізу месяца таму. З-за тэхнічных затрымак ролік не пасьпяваюць зрабіць да Новага года, як планавалася. Паводле слоў дырэктара гурта Уладзімера Шаблінскага, новае відэа ад N.R.M. зьявіцца пад стары Новы год, у сярэдзіне студзеня.

Канцэптуальная ідэя будучага кліпа: беларуская гісторыя мае свой працяг ў сучаснасьці. Старажытныя рыцары, якія доўгія гады абаранялі межы Беларусі ад шматлікіх ворагаў, жывуць і сярод нас — толькі выглядаюць як звычайныя людзі. І наадварот, кожны з тых, хто сёньня захоўвае Беларусь у сэрцы, не дае часу зьмяняць сьвет і сябе (пра гэта пяецца ў «Lohkija-lohkija»), зьяўляецца рыцарам сучаснасьці.

Для ўдзелу ў кліпе запрошаны «рэстаўратары мінуўшчыны» з менскіх клюбаў «Княжы Гуф» і «Сэрца дракона». Гэтыя бамбізы, апранутыя ў масыўныя дасьпехі, са зброяй у руках, яскрава ілюструюць радок «Цяжкія-цяжкія блізкія нашыя». Цалкам магчыма, што частка здымак пройдзе ў інтэр’ерах Мірскага замку, а калі рэжысэр кліпа N.R.M. (па сумяшчальніцтве — дырэктар Першага музычнага канала) Віталь Чыжоў палічыць неабходным — і ў іншых ацалелых палацах краіны.

Яшчэ цікавая акалічнацьць: каб зьняць канцэртныя эпізоды відэароліка, гурт зьбіраецца на вечар арэндаваць адзін зь менскіх клюбаў. Знайсьці клюб са сцэнай і танцполам патрэбных памераў надзвычай складана, таксама як і ўсталяваць там усю патрэбную тэхніку: рэйкі, кран, асьвятляльныя прыстасаваньні… На сцэне будзе N.R.M., а ў залі — масоўка з рыцараў і фанатаў, усяго каля 600 чалавек. «Паводле сцэны будуць танчыць прыхільнікі N.R.M., апранутыя ў сучасную вопратку. Калі камера поўдзе ў глыбіню залі, нібыта ў змрок часоў, яна знойдзе там рыцараў», — апісвае гэтую сцэну дырэктар N.R.M.

Паводле слоў Шаблінскага, як толькі будзе абрана памяшканьне, гурт абвесьціць умовы, паводле якіх можна будзе трапіць у гэтую масоўку й такім чынам узяць удзел у кліпе. Каб даведацца пра гэтыя ўмовы, сачыце за бягучым радком Першага музычнага й аднаўленьнямі на нашым сайце.

Зараз ідэя кліпу падаецца крыху больш простай, чым гэтага патрабуе дэпрэсыўная песьня. Аднак тут варта ўзгадаць старую прымаўку: чым сто раз пачуць, лепш адзін раз пабачыць. Пачакаем — пабачым.

© 2004 Hattiphnat (Smotritel)

Апублікавана 11.12.2003 by  Slaver.