Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіАртыкулы › Любімыя дыскі Лявона Вольскага. Частка III – Беларусь.

Любімыя дыскі Лявона Вольскага. Частка III – Беларусь.

На сайце experty.by з'явілася трэцяя, апошняя частка расповеду пра любімыя дыскі Лявона Вольскага.

Як і для шмат каго, для мяне ўсё пачалося з "Песняроў". Гэта маё дзяцінства. Тады яшчэ ў большасці беларускіх сем’яў былі чорна-белыя тэлевізары, і на экране раз-пораз мільгалі нетыповыя для савецкай эстрады валасатыя хлопцы ў кляшах. Для мяне яны й засталіся такія – пэрыяду "Ой рана на Йвана" – маладыя стромкія хлопцы з чорна-белага фільму.

Я рос, і далейшыя рэінкарнацыі ансамблю мне ўжо ня вельмі падабаліся – "Праз усю вайну", напрыклад. Ды й тады я ўжо слухаў зусім іншую музыку.

Увогуле, "Сябры", "Песняры", "Верасы" – гэта былі назвы, якія ведала ўся Беларусь. Мне падабаліся (ну, настолькі, каб слухаць альбом-другі) толькі "Песняры", але ад творчасці двух іншых суполак не было дзе падзецца – яны былі ў тэлевізары і па радыё. Увесь час. Але ў нашым двары "Песняроў" перапісвалі з касэты на касэту. А іншых – не.

Недзе ў 1981 годзе я пайшоў у Палац Спорту на канцэрт "Сузор’я", а ў першым аддзяленні гралі "Сябры". Можа, выконвалася гэта й на належным узроўні, але сам "фармат" быў абсалютна ня мой. Не пайшло мне. А "Сузор’е" – нішто сабе так зайшло. Гэта быў першы год, калі яны зрабіліся філарманічным калектывам, і ім панашывалі нейкія бліскучыя "касмічныя" гарнітуры. Калі абстрагавацца ад гэтага, дык можна было слухаць. Ва ўсякім выпадку ад іх не тхнула савецкім ВІА (апроч гарнітураў). А ўсё, што нагадвала гэтыя ВІА, мы, юнакі-максімалісты "падвяргалі рэзкай крытыцы".

А потым пачалася іншая эпоха. Я сам пачаў займацца музыкай і слухаў ужо запісы сваіх калегаў. Прычым найчасьцей гэта сапраўды прыемна, бо хочацца, каб на нашай зямлі было ўсяго шмат і рознага.

Топ-10 любімых беларускіх дыскаў Лявона Вольскага

Песняры "Песняры II" (1974) – Калі я ў дзяцінстве глядзеў тэлебачанне, уся музыка там падавалася вельмі штучнай і несапраўднай. Акрамя "Песняроў". На мой погляд, шмат беларускіх народных песень зрабіліся сапраўды народнымі дзякуючы менавіта апрацоўкам гэтага гурта. Дарэчы, калі мы рабілі першыя экзэрсісы па стварэнні ансамбля, ва Ўладзі Давыдоўскага быў гэты дыск і ён быў адной з нашых інспірацый.

Мясцовы Час "Наша ўскраіна" (1992) – У гэтым альбоме ёсць некалькі вельмі нетыповых для ранняга "Мясцовага Часу" песень – меладычных, лірычных і вельмі каштоўных. На той час мы з імі вельмі часта гралі канцэрты і калі яны зайгралі песні з гэтага альбому, для мяне гэта было адкрыццём. Вельмі шкада, што працягу не атрымалася.

Уліс "Танцы на даху" (1993) – Шмат людзей лічаць, што Андрэй Патрэй, першы вакаліст, быў шмат больш энергетычны і харызматычны, чым Алег Тумашоў, які спявае на гэтым дыску. Але мне падаецца, што менавіта тут нарэшце гурт знайшоў залатую сярэдзіну ў гучанні інструментаў і вакала.

Крама "Хворы на рок-н-рол" (1993) – Калі Варашкевіча запрасіў гурт "Рокіс" на пасаду вакаліста, ён (гурт) вельмі рызыкаваў, бо было зразумела, што Ігар наўрадці стаў бы статыстам на сцэне. І латаральна праз некалькі месяцаў Беларусь атрымала зусім іншы гурт, "Краму". Варашкевіч думаў спалучыць блюз з пост-панкам. Безумоўна, такая карнявая музыка як блюз перамагае усе гэтыя "хуліганскія плыні", але на гэтым альбоме яшчэ чуваць намаганні спалучыць неспалучальнае.

Gods Tower "The Eerie" (1993) – Здавалася б, у гэтай музыцы мала што можна сказаць новага. Але хлопцы ўхітрыліся зрабіць гэта. Фантастычная работа гітарыста сцэментавала ўвесь склад і мы атрымалі, даруйце за штамп, "прадукт сусветнай вартасці".

Віктар Шалкевіч "Смутны беларускі блюз" (1996) – Быццам бы і запісана ўсё на нейкіх, як кажуць, "самаграйках", і гітара грае ў пульт, але нешта чапляе і не дае выключыць кампакт. Шалкевіч наогул фенаменальная асоба для беларускай музычнай сцэны: мультыталенавіты, саркастычны, смешны, сур’ёзны, іранічны, трагічны. Актор і Артыст!

"Ляпис Трубецкой" "Ранетое сердце" (1996) – Першы раз за ўсю гісторыю беларускай музыкі ніхто не ехаў да старэйшага брата у Маскву з дэма-запісамі. Масква сама прыехала сюды. Эпахальныя песні "Ау", "Ранетое сердце" і астатняя купа хітоў на гэтым альбоме. Дзякуючы ім на постсавецкай прасторы нарадзіўся цалкам новы мэйнстрымавы напрамак. Асабісты рэспект Сірожы за сучасны рэбрэндынг і "Капітал".

Kriwi "За туманам" (1997) – Ёсць такія песні, якія вельмі цяжка апрацоўваць. І тое, што "Kriwi" ўзяліся за песню "За туманам" (якая ў арыгінале завецца “Туман ярам”), было для іх вельмі рызыкоўна. Але ў дадзеным выпадку атрымалася вельмі-вельмі ахайна, у добрым сэнсе гэтага слова мінімалістычна і неяк цёпла.

Троіца "Троіца" (1998) – На той час вельмі добра збегліся абставіны і спалучыліся музыканты. Іван Кірчук са сваёй неацэннай фолькавай эрудыцыяй і музыкі, якія вельмі ашчадна і крэатыўна паставіліся да матэрыялу. Абраў менавіта гэты альбом, толькі таму што ён першы.

Зміцер Вайцюшкевіч "Паравіны году" (2003) – Першае ўражанне ад гэтага альбому было "дзіўна, але не раздражняе", а потым проста пачалі слухаць увесь час. Тут не так ўсё філігранна сыграна, як на больш наступных работах Дзімы, але на мой погляд ёсць на гэтым альбоме непаўторная свежасць.

Запісаў Зміцер Безкаравайны

P.S.: "Любімыя дыскі" – любімыя дыскі розных часоў, якія з задавальненнем слухаеш і зараз.

P.P.S.: Гэта апошняя частка аповеду пра любімыя дыскі Лявона Вольскага. Хутка чытайце аналагічныя аповеды ад іншых вядомых беларускіх музыкаў.

Апублікавана 30.10.2008 by  Андрэй.