Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › Лявон Вольскі: Я бы аддаў усе галасы Крывакрыжу

Лявон Вольскі: Я бы аддаў усе галасы Крывакрыжу

Другі раз запар у ТГ перамагла песьня «Такога няма нідзе» ў выкананьні зорнага дуэту — Лявон Вольскі ды Ўладзімер Пугач. Цягам усяго туру адбываўся жорсткі двубой гэтага гіта зь песьняй «Сьвету толькі зачын» навічка туру — гурта «Крывакрыж». У выніку перамаглі «пінскія бабры», як любоўна называе гэтую кампазыцыю Ўладзімер Пугач. Але Лявон Вольскі на баку дэбютантаў: «Каб гэта залежала ад мяне, я бы аддаў усе галасы „Крывакрыжу“. За ўвесь год, каб перамаглі адразу з рэкордам нейкім. Бо я так зразумеў ім гэта вельмі істотна, а мне мабыць менш».

Лявон Вольскі і Ўладзімер Пугач«Наша з Валодзем любоў да рыбнай лоўлі вылілася ў песьню, якая б’е рэкорды», — жартуе Лявон Вольскі — аўтар праекту ў стылістыцы 60-70-х, куды ўвайшоў і твор «Такога няма нідзе». Вольскі прызнаецца, што быў нямала зьдзіўлены, калі дазнаўся што іх дуэт ізноў перамог. «Перакананы, што нашая песьня зусім не ў фармаце „Тузіна Гітоў“, — кажа Вольскі. — І каб гэта залежала ад мяне, я бы аддаў усе галасы „Крывакрыжу“. За ўвесь год, каб перамаглі адразу з рэкордам нейкім. Бо я так зразумеў ім гэта вельмі істотна, а мне мабыць менш».

Уладзімер Пугач навіну пра перамогу таксама ўспрыняў з усьмешкай: «Я зноў радуюся за Пінскіх баброў!», — кажа лідэр «J:морс». Выканаўца неаднойчы выказваў на ТГ пра сваё стаўленьне да гіт-парадаў: «Яно не зьмянілася і пасьля гэтых дзьвюх апошніх перамогаў. Упэўнены, што вымяраць музыку колькаснымі крытэрамі ды растаўляць яе па месцах на поўным сур’ёзе ня варта». Але пры гэтым дадае: «Я сам пэрыядычна бяру ўдзел у падобных мерапрыемствах, бо гэта адна з формаў папулярызацыі сваёй музыкі, якую ня мы прыдумалі. Тут важна разумець, што куды важнейшым ёсьць знаходжаньне песьні ў гіт-парадзе. Калі яна трымаецца працяглы час, то гэта сьведчыць пра тое, што песьня атрымалася і мае сапраўдную папулярнасьць».

Пакуль «Такога няма нідзе» пратрымалася ў нашым чарце два туры.

ТГ

Апублікавана 06.02.2009 by  Андрэй.