Незалежны Рэспубліканскі Саюз Моладзі › Артыкулы › Лявон Вольскі: N.R.M. існуе па творчых законах, а не па ўмовах шоу-бізнесу Лявон Вольскі: N.R.M. існуе па творчых законах, а не па ўмовах шоу-бізнесу17 снежня гурт N.R.M. адсвяткаваў свае народзіны акустычным канцэртам у канцэртнай залі “Менск”. Пра тое, чым гурт жыве цяпер і што плануецца зрабіць у наступным годзе, лідэр N.R.M Лявон Вольскі распавёў у студыі TUT.BY падчас анлайн-канферэнцыі. Гурт жывей усіх жывых. Мы зараз старанна рэпетуем, даўно мы не праводзілі такія доўгія рэпетыцыі, тым больш што хочацца ўспомніць нешта са старога, з каляднага, таму даводзіцца прападаць на студыі. Нашыя слухачы пытаюцца: чаму акустычны канцэрт і ў канцэртнай залі “Менск”? Ад вас чакаюць нармальнага электрычнага канцэрту. Усіх ніколі не задаволіш: хтосьці хоча акустычнага, купляе квіткі і ідзе на ўтульны калядны акустычны канцэрт. А тыя, каму не падабаецца, што канцэрт акустычны і пройдзе ў канцэртнай залі, той можа 10 лютага схадзіць на электрычны канцэрт у “Рэактары”. Не такая ўжо і вялікая бездань паміж гэтымі падзеямі. А колькі ўжо N.R.M. не выступаў на радзіме? Гады паўтара – была творчая паўза. Мы чакалі грамадскага абурэння, дэманстрацый і мітынгаў, каб народ выйшаў на вуліцу і патрабаваў у нас канцэрту. Але такога не здарылася, народ спакойна перажыў нашую творчую паўзу. А калі будуць канцэрты ў Палацы спорту? Да Палацу спорту трэба вельмі сур’ёзна падрыхтавацца. У нас нейкае бязладнае існаванне ў каардынатах шоу-бізнесу, мы абсалютна не існуем па яго законах. У якім вымярэнні вы існуеце цяпер? Хутчэй за ўсё, у вымярэнні творчасці. Гэта не значыць, што я не вярнуся ў сістэму каардынатаў так званага шоу-бізнесу Беларусі. Можа быць, з маёй галавой здарыцца нешта такое, што я заскочу ў апошні вагон вечна адыходзячага цягніку, але цяпер мы дазваляем сабе зусім не гуляць паводле гэтых законаў. Таму, каб выступаць у Палацы спорту, трэба ўсё ж такі заскочыць у гэты вагон і нарэшце заняцца мерчэндайзінгам, выпусціць атрыбутыку, зрабіць нейкую складанку ці альбом, выпусціць нейкі інтэрнэт-сінгл, і тады ўжо з’явіцца нагода для такога канцэрту. А то можа атрымацца фіяска, калі ў залі Палаца спорту будзе ўсяго дзвесці чалавек. Я не думаю, што на ваш канцэрт прыйдуць толькі дзвесці чалавек… Нават калі іх прыйдзе шэсцьсот – гэтага таксама для Палацу спорту будзе мала. Ці паедзеце вы з якімі-небудзь канцэртамі па рэгіёнах Беларусі і ўвогуле свету? Пакуль што ў нашыя творчыя планы не ўваходзіць паездка па рэгіёнах Беларусі. Давядзецца жыхарам рэгіёнаў прыязджаць у Менск. Ці мэтазгодна зараз катацца па краіне з канцэртамі? Канешне, мэтазгодна, але пакуль што выпадзенне з каардынатаў шоу-бізнесу не дазваляе нам зрабіць паўнавартасны тур. Пра будучыя планы гурта вы даведаецеся з відэаверсіі інтэрв’ю. Алена Андреева, TUT.BY |
© 2005–2009 НРсМ. Рухавік, падтрымка: Slaver. Дызайн Rohač. |