Незалежны Рэспубліканскі Саюз Моладзі › Навіны › Гурт N.R.M. рыхтуе юбілейны трыб’ют Гурт N.R.M. рыхтуе юбілейны трыб’ют
Музыкі гурта N.R.M. абвесцілі пра афіцыйнны пачатак збору заяваў на ўдзел у трыб’юце, прысвечаным 20-гадоваму юбілею гурта. У ім можа паўдзельнічаць любы гурт не толькі з Беларусі, але і з іншай краіны, паведамляе Ultra-Music. — Мы не з’яўляемся міжнароднай зоркай. Мы ў іншай зоне ўплыву і не чакаем, што ў трыб’юце захоча паўдзельнічаць, напрыклад, Metallica. Але мы дакладна ведаем, што ў Польшчы маладыя гурты граюць нашыя песні, свае версіі рабілі такія гранды, як Pidżama Porno і Myslovitz. Апошнія паўдзельнічаюць і ў трыб’юце. У нас ёсць фэны ва Ўкраіне, Расіі, Літве. Магчыма нехта з гуртоў з гэтых краін захоча далучыцца да праекту. І, канечне, мы чакаем на запісы ад беларускіх музыкаў, — кажа Піт Паўлаў. Калі нехта з музыкаў захоча зрабіць песню N.R.M., спачатку лепш узгадніць абраны трэк з гуртом, каб не было зашмат аднолькавых кампазіцый на трыб’юце. Пасля гэтага музыкі могуць пачынаць працу над песняй і запісываць яе. — У мінулым трыб’юце, які выйшаў у 2003 годзе, некаторыя маладыя гурты падрыхтавалі вельмі якасныя каверы, але проста зрабілі памылкі ў тэксце. Калі б яны былі з намі на сувязі, яны б пазбеглі гэтых памылак. Мы не будзем умешвацца ў творчы працэс, але можам даць некалькі заўваг, бо ўсё жыццё маем справу з гэтым песнямі і нават з каверамі на іх, — дадае Піт. — Мы не можам аплаціць музыкам студыю. Але яны атрымаюць у рэпертуар песню N.R.M., змогуць уключыць яе ў свой альбом, граць на канцэртах. А калі мы прыедзем у іх горад, яны змогуць паўдзельнічаць у нашым канцэрце. Яшчэ да афіцыйнага абвяшчэння збору заяваў на ўдзел у трыб’юце шэраг вядомых гуртоў вырашыўпаўдзельнічаць у ім. Апроч названых вышэй Myslovitz, сваю версію ўжо робіць гурт «Мутнаевока». Папярэдняе жаданне выказалі гурты «Тлушч», Re1ikt, Tonqixod, Nizkiz, Indra. Канчатковыя тэрміны сканчэння працы над трыб’ютам N.R.M. не ўсталёўваюць: юбілей будзе святкавацца напрацягу ўсяго году. — Мы б хацелі, каб у выніку атрымаўся фізычны носбіт — кампакт-дыск з некалькімі візуалізацыямі ці вялікім ролікам пра тое, як рабіўся гэты дыск. Я думаю, варта зняць працу ў студыі, зрабіць караценькія інтэрвію з музыкамі, каб гэта было цікава і слухачам, і гуртам, — распавядае Піт Паўлаў. — N.R.M. адкрытыя да прапановаў і ад спонсараў: калі нехта жадае цалкам ці часткова прафінансаваць стварэнне новага трыб’юту, музыкі будуць толькі радыя гэтаму. Апроч таго, хутка на новым сайце гурт з’явіцца адмысловая форма, праз якую звычайныя слухачы змогуць падпісацца на атрыманне дыску, проста даслаўшы кошт будучага выдання. |
© 2005–2009 НРсМ. Рухавік, падтрымка: Slaver. Дызайн Rohač. |