Незалежны Рэспубліканскі Саюз МоладзіНавіны › N.R.M. адсвяткуе юбілей вялікім канцэртам 7 лістапада

N.R.M. адсвяткуе юбілей вялікім канцэртам 7 лістапада

N.R.M.

Гурт N.R.M. адсвяткуе 20-гадовы юбілей вялікім канцэртам у клубе «Піраты» 7 лістапада. Апроч выступа самога гурта, чакаецца, што ў імпрэзе возьмуць удзел музыкі, якія рыхтуюць запісы да святочнага трыб’юта N.R.M.

— Мы рыхтуем вялікую праграму. Рэпертуар будзе складзены як з вядомых хітоў, так і з новых кампазіцый. Апроч таго, мы разархівавалі некаторыя старыя песні, якія апошнія некалькі год не выконваліся, як напрыклад «Песня падземных жыхароў». Таксама, верагодна, паспеем дарабіць адну зусім новую песню, якую яшчэ ніхто не чуў, — распавядае Піт Паўлаў.

На юбілейную імпрэзу N.R.M. збіраюцца паклікаць удзельнікаў зборніку-трыб’юта, праца над якім ужо пачалася. Свае песні да яго рыхтуе шэраг вядомых гуртоў, сярод якіх палякі Myslovitz. Удзел ў канцэрце аднаго з заснавальнікаў N.R.M. Лявона Вольскага зараз нават не разглядаецца.

— Уся праца, якая зараз робіцца, адбываецца без яго ўдзелу. Нават калі б мы захацелі паклікаць яго зараз, гэта падзея была б супраць нас. Канечне, яго ўдзел выглядаў бы мэтазгодным, была б падвышаная цікаўнасць да канцэрту. Але гэта бесперспектыўны ход, які б перакрэсліў працу апошніх трох год, якая для нас вельмі істотная. За гэты час мы зрабілі новыя песні, якія лічым больш сталымі. Яны не тое што лепей, яны больш адпавядаюць нашаму стану дарослых мужчын. Мы зрабілі вялікую працу, каб гурт гучаў у новых умовах. Неабавязкова, што мы ўвесь час будзем утрох, але гэтыя тры асобы — ядро гурта, — дадае Піт Паўлаў.

Верагодна, да музыкаў N.R.M. на некалькі песень далучацца ўдзельнікі капэлы «Папараць», якія часам граюць на акустычных выступах гурта.

Апроч Мінску, N.R.M. выступіць і ў іншых гарадах. Канцэрты ў межах юбілейнага тура ўжо запланаваныя ў Магілёве, Гомелі, Віцебску. Як і ў мінулым годзе, музыкі збіраюцца наведаць Маскву, Санкт-Пецярбург, Вільню і іншыя гарады.

— Мы ўвесь час думаем пра наступны альбом, — дзеліцца планамі на будучыню Піт. — Праўда, зараз зусім нявыгадна пісаць і выдаваць альбомы. Гэта дзіка камерцыйна непаспяхова, нават калі альбом добра прадаецца. Не пабаюся сказаць, што, напэўна, ніхто ў Беларусі не прадаў столькі фізічных асобнікаў апошняга альбому, як мы. Гэта больш за тысячу экзэмпляраў.

Набыць квіткі можна праз сайт kvitki.by

Апублікавана 24.10.2014 by  Slaver.